Беларуская дыяспара ў Варшаве правяла акцыю ля амбасады Украіны
Беларуская дыяспара правяла акцыю ля амбасады Украіны ў Варшаве. Людзі прынеслі кветкі, якія паклалі да партрэта Віталя Шышова. Яны былі вельмі засмучаныя навіной пра новаую ахвяру антыбеларускага рэжыму.
Некаторыя ведалі Віталя асабіста і з цеплынёй успаміналі яго дапамогу, кажа Ганна Федаронак:
– Я сёння прыйшла таму, што я добра ведала Віталіка, мы з ім пасябравалі. Паўтара месяца жылі ў Кіеве, і Віталік адзін з першых, хто прыйшоў мне на дапамогу.
– Гэта было забойства, калісьці забілі Шарамета, зараз забілі Віталя. Ёсць добрая сетка КДБ Беларусі, якая сябе добра пачувае ва Украіне.
Да беларусаў выйшаў украінскі амбасадар і выказаў спачуванне. А таксама заверыў, што ўкраінскія праваахоўныя службы зробяць усе магчымае, каб разабрацца ў гэтай справе і знайсці вінаватых як найхутчэй:
– Як заявілі наш міністр замежных спраў і наш урад, мы будзем праводзіць расследаванне гэтага выпадку – смерці вашага калегі і вашага земляка. Спадзяёмся, што гэта будзе зроблена як найхутчэй.
Пасля наведвання ўкраінскай амбасады ўдзельнікі акцыі накіраваліся да беларускай амбасады, каб выказаць сваё абурэнне і нагадаць, што цяперашні амбасадар з Беларусі ёсць прадстаўнік антынароднага рэжыму і таксама адказны за смерць Віталя Шышова.
Беларускае Радыё Рацыя