Беларуская класіка паказвае высокі ўзровень тэатра



Беларуская класіка, якая паказвае высокі ўзровень беларускага тэатра. Кажуць крытыкі пра спектакль «Пінская шляхта» Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы. Яго паказалі ў Беластоку ў межах тэатральнага фестывалю «Напрамак Усход». Спектакль у 2008 годзе паводле класічнага твора беларускай літаратуры Дуніна-Марцінкевіча паставіў рэжысёр і мастацкі кіраўнік купалаўскага тэатра Мікалай Пінігін.

Тут занятыя маладыя акцёры-купалаўцы, а ў галоўнай ролі народны артыст Беларусі Віктар Манаеў:

– Спектакль – гэта сукупнасць усіх, не толькі артыстаў. Насамрэч спектакль называецца не «Кручкоў», а «Пінская шляхта». Вось, як нагадвае шляхту рэжысёр Мікалай Пінігін. Усё ж такі галоўныя дзеючыя асобы – гэта шляхта. Цудоўна працуюць хлопцы, артысты гэтага спектакля, то бок мы тут усе – ансамбль.

Сёння, 30 верасня, на фестывалі «Напрамак Усход» літаратурна-музычны монаспектакль акцёркі Teatru Narodowego Магдалены Важэхы. Цалкам афіша фестывалю даступная на сайце драматычнага тэатра імя А. Венгеркі. Беларусы тут яшчэ выступяць на завяршэнне – 6 кастрычніка ў Беластоку спектакль «Бетон» пакажа Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі з Менска.

Цалкам матэрыял у далучаным файле:

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: kupalauski.by