«Беларуская літаратура Польшчы — учора і сёння» (абноўлена)



Сёлета Беларускае літаратурнае аб’яднанне „Белавежа” адзначае 60-годдзе ад заснавання. З гэтай нагоды 24 траўня пачынаецца пачнецца двухдзённая Міжнародная навуковая літаратурная канферэнцыя пад назвай «Беларуская літаратура Польшчы — учора і сёння». На ўніверсітэце ў Беластоку сустракаюцца літаратары і літаратураведы, каб пагаварыць пра дзейнасць літаратурнага аб’яднання „Белавежа”.

На думку Аксаны Данільчык з Саюза беларускіх пісьменнікаў , творчасць «белавежцаў», гэта неад’емная частка агульнабеларускай літаратуры.

Літаратура яна развівалася самастойна і адпаведна можна параўнаць з развіццём літаратуры метраполіі. Гэта безумоўна спрыяла ўзбагачэнню і аднаго і другога боку, хоць стасункі паміж імі былі не заўсёды простыя.

Доктар Катажына Савіцка-Межыньска, Універсітэт у Беластоку:

Нельга сказаць, што гэта нейкі анклаў дзе галоўнае толькі выжыванне беларускай культуры і мовы. Бо калі ўзяць скажам паэзію Яна Чыквіна, дык яе спакойна можна супастаўляць з літаратурнымі з’явамі, якія тады мелі месца.

 

Старшыня аб’яднання „Белавежа”  Ян Чыквін:

Гэта такім чынам спалучылася, што юбілей і літаратуразнаўчая канферэнцыя ствараюць нейкае адно цэлае. Літаратураведы прыязджаюць і будуць чытаць свае даклады пра белавежцаў. І гэта паказвае, што беларуская літаратура Польшчы мацней і часцей упісваецца ў беларускі кантэкст літаратуры.

Першым старшынёю „Белавежы” быў Георгій Валкавыцкі, шматгадовы галоўны рэдактар беларускага штодыднёвіка „Ніва”. З аб’яднаннем „Белавежа” звязаныя такія постаці, як Надзея Артымовіч, Аляксандр Баршчэўскі (Алесь Барскі), Віктар Швед, Юры Баена і іншыя. „Белавежа” выдае літаратурны альманах „Тэрмапілы”.

Канферэнцыя праходзіць ў актавым зале філалагічнага факультэта Беластоцкага універсітэта. 

Поўную гутарку з Янам Чыквіным слухайце ў далучаным гукавым файле:

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя