Беларуская мова – у гандлёвай прасторы Беластока



Беларуская мова штораз часцей выкарыстоўваецца ў гандлёвай прасторы Беластока. У адным з рыбных рэстаранаў, які знаходзіцца ў буйным гандлёвым цэнтры горада, з’явілася меню на польскай і беларускай мовах.

DSC07734

Гэта прыемная нечаканасць для пакупнікоў з Беларусі.

Супрацоўніца рэстарана:

– Мы маем вельмі шмат кліентаў з-за ўсходняй мяжы, таму робім меню па-беларуску, каб было лягчэй выбраць. Беларускае меню можа заахвоціць кліентаў прыходзіць да нас. Некаторыя, мажліва, саромеюцца падыйсці і спытаць назву стравы.

Наведвальнікі:

– Я не вельмі добра разумею польскую мову, таму вельмі прыемна, што палякі не забываюцца пра нас, беларусаў. Пра нас ўсюды ўжо забыліся, а палякі – не, дзякуй ім за гэта!

– Гэта вельмі добра, бо зразумела для турыстаў-беларусаў, ды і расейцаў, бо яны таксама разумеюць беларускую мову. Дзякуй, што беларуская мова ёсць у вас у Польшчы!

З увагі на шматлікасць пакупнікоў з Беларусі, уласнікі гандлёвых цэнтраў выходзяць насустрач запатрабаванняў.

DSC07735

Нікога ўжо не здзіўляюць надпісы на расейскай мове, аднак на беларускай – гэта адно з нешматлікіх выключэнняў.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток