Беларуская мова як маркетынгавы ход



Беларускамоўнымі шыльдамі прывабліваюць пакупнікоў беластоцкія крамы. Галоўная зала гандлёвага цэнтра „Атрыум Белая” ўсе тавары прапануе на дзвюх мовах: польскай і беларускай. Кіраўніцтва крамы тлумачыць, што паставілі на беларускую, а не расейскую мову, бо пакупнікамі з’яўляюцца беларусы з Беларусі. А гэтых вельмі цешыць такая палітыка крамы.

Вельмі прыемна, калі суседняя краіна ўспрымае нас як гасцей, спрабуе давесці інфармацыю да нас на нашай роднай мове. За гэта вялікі дзякуй.

– Гэта толькі на Падляшшы. Бо на ўкраінскай мове шмат, а на беларускай упершыню, і менавіта на Падляшшы.

– Шчыра кажучы, хацелася б часцей гэту мову чуць і карыстацца ёй, але да гэтага мы чамусьці яшчэ як нацыя не дараслі.

– Вельмі дрэнна, што мы не гаворым па-беларуску, жывучы ў Беларусі. На жаль, так ёсць.

– Лепш, каб на беларускай мове было. А то з 15 краін, якія былі ў СССР, толькі ў беларусаў няма сваёй мовы.

Пакупнікі з Беларусі складаюць больш за дзясятак адсоткаў усіх кліентаў крамы. Найбольш купляюць алкагол, бытавую хімію і прадукты без глютэну.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота аўтаркі