Беларуская сіла ў польскім Парламенце
Войт самай беларускай гміны на Падляшшы Орлі і беларус па нацыянальнасці Пятро Сэльвэсюк у час бліжэйшых выбараў будзе балатавацца ў Сенат – Вышэйшую палату польскага Парламента. Напярэдадні восеньскіх выбараў ён распавёў нашаму радыё пра мэты, якія хацеў бы рэалізаваць у Парламенце.
– Па-першае, гэта гаспадарчае развіццё. Тое, што мы зрабілі ў Орлі, – гэта напэўна змены ў станоўчы бок. Без гэтага развіцця вёскі надалей будуць выміраць і нічога не зменіцца. Па-другое, падтрымка меншасці, прадстаўніком якой і я з’яўляюся. Гміна Орля – беларуская. Тут шмат праваслаўных, якія належаць да беларускай, украінскай ці татарскай меншасці. І іх голас павінен быць пачуты і заўважаны. Па-трэцяе, гэта пошук кантактаў паміж самаўрадамі і цэнтральнымі ўрадамі.
Нагадаем, 6 жніўня ўправа Падляшскага рэгіёна партыі «Грамадзянская Платформа» прыняла рашэнне пра кандыдатуру ў Сенат Пятра Сэльвэсюка.
Парламенцкія выбары ў Польшчы пройдуць 25 кастрычніка.
Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота bialystok.gazeta.pl