Беларуская ялінка ў Варшаве



Дзіцячае свята «Беларуская ялінка» адбылося ў Варшаве. Дзеці гулялі ў калядныя гульні, а таксама паўдзельнічалі ў інтэрактыўным спектаклі. Гаворыць галоўны аніматар свята, беларуская літаратарка Валярына Кустава:

— Прыйшло некалькі дзясяткаў беларускіх дзетак у беларускі дом. Больш за дзве гадзіны мы бавіліся са святым Мікалаем. Разыгрывалі інтэрактыўны спектакль. Усе па-беларуску, з пачастункамі. З падарункамі. Мне здаецца, галоўнае, што задаволеныя самі дзеткі.

Ролі святога Мікалая і злодзея Гаргундзеля выконваў беларускі артыст і драматург Васіль Дранько-Майсюк:

— Тут былі дзеці рознага ўзросту: і вялікія, адзінаццаць год, і двухгадовыя. Заўсёды ёсць пэўныя цяжкасці, але мне падаецца, што ўдалося іх захапіць гісторыяй пра выкраданне святога Мікалая, што яго трэба вызваліць з лапаў страшнага чараўніка Гаргундзеля. Удалося аб‘яднасць розныя ўзросты дзеля такой святой і гуманістычнай мэты.

Калядная імпрэза «Беларуская ялінка» прайшла ў памяшканні Беларускага Дому ў Варшаве. Прыкладна каля трыццаці дзетак «шукалі» і «вызвалялі» святога Мікалая. «Ялінка» завяршылася салодкім пачастункам для малых гарэзнікаў.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Эдуард Жолуд, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава