Беларускі BIALYSTOK MUSIC CLUB распачынае сезон



Нефармальны беларускі музычны клуб распачынае сезон у Беластоку. Ужо ў гэты чацвер адбудзецца першы гала-канцэрт удзельнікаў і гасцей клубу. У бары Beer4U, што месціцца па вуліцы Легіяновай 14, зайграюць – гурт Kurwadziki, а таксама Bizon, Вожык, Кацярына Ваданосава і Dzyadzen’ka.

Гаворыць адзін з выступоўцаў – Ігар Палынскі, ён жа Вожык:

-Летась паўстаў у Беластоку музычны клуб – такая нефармальная тусоўка музыкантаў, пераважна беларускіх, якія аказаліся з той ці іншай прычыны ў Беластоку. І гэта ўсё вылілася ў тое, што арганізаваліся такія джэмы, шточацвер у беларускім бары Beer4U збіраліся на івэнты. Таксама нейкія канцэрты ладзіліся. Зараз, пачынаючы з кастрычніка, гэта будзе ўжо гісторыя больш арганізаваная. Таму што мы ўжо выходзім на публічную дзейнасць.

У гэтым месяцы ў рамках BIALYSTOK MUSIC CLUB чакаецца таксама выступ Аляксандра Памідорава, які адбудзецца праз тыдзень, 12 кастрычніка. А таксама 26 кастрычніка – музычны алка-спектакль MOONSHINE ад фрык-тэатра Ex Tempore.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя