Беларускі бок будуе кладкі на балоце для мігрантаў – заява з Варшавы



Міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак абвінаваціў рэжым Беларусі ў пабудове адмысловых кладак для мігрантаў, каб тыя маглі пераходзіць мяжу на польскі бок у балоцістай ваколіцы. Цытата: «Маштабы ўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў эскаляцыі міграцыйнага крызісу велізарныя. Беларусы нават будуюць спэцыяльную інфраструктуру, каб штурхаць мігрантаў у Польшчу. Напрыклад, ёсць кладкі, якія кіруюць людзей у балоцістыя мясцовасці». Свой пост у Твітэры Блашчак праілюстраваў адпаведным здымкам. Тым часам польская паліцыя паведаміла аб затрыманні машыны хуткай дапамогі з мігрантамі замест пацыентаў. Здарэнне адбылося 4 лістапада каля Бельску Падляскага. Калі паліцыянты спынілі аўтамабіль, кіроўца ўцёк. У машыне застаўся ягоны напарнік, грамадзянін Польшчы, і пяць грамадзянаў Іраку, якія нелегальна перайшлі беларуска-польскую мяжу. Кіроўцу паліцыя знайшла толькі з дапамогай верталёта.