Беларускі дом ладзіць міжнародны моладзевы абмен
Каля 30 маладых людзей з пяці суседніх краін: Беларусі, Польшчы, Украіны, Літвы і Латвіі збяруцца з 16- па 24 лютага на Падляшшы.
Тут пройдзе арганізаваны Беларускім Домам у Варшаве моладзевы абмен на тэму „Інфармацыя vs маніпуляцыя”. Распавядае арганізатар сустрэчы Алесь Зарэмбюк:
– Будзе каля 30-ці маладых людзей з кожнай з гэтых краінаў, якія будуць на працягу больш чым тыдня абмяркоўваць, дыскутаваць, разбірацца ў пытаннях fake news, у пытаннях дэзынфармацыі, пытаннях медыяграматнасці. Яны будуць паказваць і дэманстраваць падрыхтаваныя кожнай з краін прэзентацыі – як сітуацыя з fake news, дэзынфармацыяй і маніпуляцыяй грамадскай думкай выглядае ў іх краінах.
Як дадае Алесь Зарэмбюк, інфармацыйная агрэсія з усходу закранае не толькі Украіну і Беларусь, але і краіны Балтыі ды Польшчу. Таму праблема фэйкавых навінаў – супольная:
– У Польшчы таксама ёсць такія дзеянні з боку расейскай прапаганды, расейскай фабрыкі троляў. Паглядзелі, што сайт sputnik.pl, sputnik.by, sputnik.lt ёсць у кожнай з нашых краін. Мы вырашылі, што менавіта мы, як прадстаўнікі маладога пакалення павінны заняцца гэтай тэмай больш сур’ёзна. Традыцыйна месцам вось такой сустрэчы абралі Падляшша, дзе пражываюць палякі, беларусы, літоўцы і ўкраінцы.
Удзельнікі моладзевага абмену на тэму „Інфармацыя vs маніпуляцыя” абіраліся кожнай краінай па конкурсе. Напрыклад жадаючых прыняць удзел украінцаў было каля сотні. Арганізатары праекта прапануюць яго ўдзельнікам атрымаць навыкі абароны сябе і іншых ад мэтанакіраваных маніпуляцый, дэзынфармацыі ў СМІ, навучаць як эфектыўна выкарыстоўваць інфармацыю і інтэрнэт у грамадскім жыцці.
Беларускае Радыё Рацыя