«Беларускі Дом» у Варшаве пачаў супрацоўніцтва з «Нівай»
Грамадская арганізацыя, якая імкнецца быць «незалежнай амбасадай грамадзянскай супольнасці Беларусі», дала сваім наведвальнікам доступ да тыднёвіка беларусаў Польшчы.
Гаворыць сустаршыня «Беларускага Дому» Уладзімір Кобец:
– У гэтым годзе старэйшая беларуская газета Польшчы “Ніва” адзначае свой юбілей – 60 год. Мы шануем тое, што яны робяць. А з іншага боку, калі мы кажам, што мы незалежная амбасада Беларусі, то мы павінны і пэўныя абавязкі выконваць. І гэты – адзін з іх. Мы вырашылі, што павінны штосьці зрабіць для нашых сяброў.
Сам «Беларускі Дом» таксама рыхтуецца адзначыць свой малы юбілей – пяць год. Уладзімір Кобец пералічвае крокі па распаўсюджанні «Нівы» ў Інтэрнэце і ў сядзібе «Беларускага Дому» ў Варшаве:
– На нашым сайце будзе з’яўляцца кожны наступны свежы нумар газеты. Таксама мы дамовіліся, што будзем атрымліваць і газету ў папяровым выглядзе, каб у “Беларускім доме” пэўная колькасць асобнікаў была і людзі маглі б прыйсці, пачытаць. І спадзяюся, што таксама для бібліятэкі “Беларускага дома” атрымаем і архіў газеты “Ніва”.
Узаемадзеянне з беластоцкім выданнем у «Беларускім Доме» разглядаюць як чарговы элемент развіцця сваёй арганізацыі. Абмяркоўваюцца і іншыя формы супрацоўніцтва з газетай «Ніва».
Станіслаў Раманчук, Беларускае Радыё Рацыя