Беларускі эксперымент на беластоцкай сцэне



У сталіцы Падляшша паказам спектакля «Бетон» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі завяршыўся трэці фестываль «Напрамак Усход».

Беларускія акцёры не выпадкова завяршалі фестываль, паколькі даўно паміж беластоцкім тэатрам і Рэспубліканскім тэатрам беларускай драматургіі завязаліся цесныя творчыя сувязі. Гэтым разам з Менска прыехаў спектакль рэжысёра Яўгена Карнягі, які распавядае пра каханне, але называецца «Бетон».

– Такое проціпастаўленне старажытнагрэчаскаму міфу пра Арфея і Эўрыдыку. Такога кахання – манагамнага абсалютна – сучаснаму “бетоннаму” свету,  калі ў цябе ёсць выбар, ёсць інтэрнэт, калі людзі жэняцца, выходзяць замуж па некалькі разоў. Калі новае і новае каханне: не атрымалася з адным, можна паспрабаваць заўсёды з іншым. “Бетон” – гэта для мяне ўвасабленне сучаснага свету.

Прэм’ера спектакля адбылася ў верасні 2017 года. На Рэспубліканскім конкурсе тэатральнага мастацтва “Нацыянальная тэатральная прэмія” ён атрымаў узнагароду «Лепшы эксперыментальны спектакль”. У рамках трэцяга фестывалю «Напрамак Усход» у Беластоку ад мінулай суботы адбылося 9 падзеяў. Выступалі творчыя калектывы з Польшчы, Украіны, Літвы і Грузіі. З Беларусі сваю творчасць прызентавалі Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Янкі Купалы і Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота rtbd.by