Андрэй Сцепанюк: Некалькі пакаленняў прайшлі праз наш ліцэй
Пра гісторыю і сучаснасць Беларускага ліцэя імя Браніслава Тарашкевіча, які адзначае 70-годдзе, распавёў у нашым эфіры яго дырэктар Андрэй Сцепанюк.
РР: Добры дзень і віншуем са святам!
Андрэй Сцепанюк: Добры дзень! Дзякуй за віншаванне!
РР: Як рыхтуецеся адзначыць гэты слаўны юбілей?
Андрэй Сцепанюк: Нельга забыць таго, што здарылася ў верасні 1944 года, бо гэта не толькі юбілей Беларускага ліцэю ў Бельску, я думаю, што гэта вялікі юбілей усяго школьніцтва на Бельшчыне. Таму мы вырашылі, што ў гэты дзень арганізуем тут такую сустрэчу, на якую запрасілі важных гасцей. Мы запрасілі настаўнікаў і супрацоўнікаў школы, якія на працягу гадоў стваралі гэтае беларускае школьніцтва ў Бельску Падляшскім. Так што гэта будзе такая сустрэча, падчас якой, па-перашае, нагадаем гісторыю, думаю, што выслухаем таксама гасцей, якія прыедуць да нас. Моладзь пад кіраўніцтвам настаўнікаў падрыхтавала сваеасаблівую артыстычную частку, якая спасылаецца на ўсё тое, што было напісана, можа не на ўсё, але часткі таго, што было напісана пра ліцэй, асабліва яго выпускнікамі. Падрыхтавана таксама невялікая выстава на якой прадстаўлены гэтыя хронікі з жыцця ліцэю, а таксама працы вучняў, якія яны рабілі і робяць цяпер.
РР: Чаму важна падтрымліваць сувязь паміж пакаленнямі, а таксама паміж тымі людзьмі, якія раз’ехаліся па ўсёй Польшчы і замежжы?
Андрэй Сцепанюк: Трэба адзначыць, што сёння мы па-свойму пачынаем гэтае святкаванне, а такое сваеасаблівае завяршэнне будзе праз год, калі адбудзецца з’езд выпускнікоў ліцэю. Гэта важна таму, што на яго заўсёды прыязджае некалькі сотняў асобаў, якія правялі тут частку свайго жыцця, трэба адзначыць, што ўжо 5512 выпускнікоў ліцэя – гэта даволі вялікая грамада. З’езд патрэбны для таго, каб сустрэцца, прыгадаць і сказаць пра тое, што адбылося за гэтыя гады, калі маладыя людзі выходзілі з ліцэю ды ішлі ў дарослае жыццё. Найчасцей прыязджаюць людзі, якія вельмі рэдка бываюць на Бельшчыне, на сваёй Бацькаўшчыне, бо іх лёс раскідаў па ўсім свеце. У з’ездзе таксама прымаюць удзел тыя, хто можа больш звязаны з месцам, з Бельскам, ці наведваюць школу, але яны проста хочуць сустрэцца, паразмаўляць, паўспамінаць. Для нас, як для настаўнікаў ліцэю вельмі важна паказаць традыцыю тым вучням, якія цяпер вучацца ў ліцеі, каб пазнаваць атмасферу гэтага ліцэю. Яны прымаюць удзел, яны рыхтуюць гэты з’езд, яны дапамагаюць нстаўнікам у падрыхтоўцы, яны таксама становяцца выпускнікамі і ўдзельнікамі з’ездаў.
РР: Каму мы перадусім павінны быць удзячнымі за тое, што беларускае навучанне існуе дагэтуль?
Андрэй Сцепанюк: У верасні 1944 года, калі паўставаў ліцэй, яго першым дырэктарам быў спадар Анатоль Тымінскі, але рэпатрыяцыі, якія тады адбываліся, давялі да таго, што ў 1946 годзе школа была закрыта. Таму да 1949 года быў такі перыяд, калі Беларускі ліцэй у Бельску ці Беларуская гімназія і ліцэй, бо гэта так пачыналася ў Бельску. Трэба падкрэсліць, што з 1944 года вялізную ролю адыграў спадар Яраслаў Кастыцэвіч – гэта ён стваральнік пасляваеннага школьніцтва на Бельшчыне, яго заслугі несумненна вялізныя. Ён ездзіў па вёсках, запрашаў маладых людзей, каб яны прыходзілі ў ліцэй, паказваў ім дарогу, якой яны павінны далей ісці ў жыцці. Так што тут постаць Яраслава Кастыцэвіча вельмі важная не толькі для нашага ліцэю, яго імя носіць Комплекс школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы, таму гэта сведчыць пра тое, што гэтая постаць сапраўды вельмі важная. Я хачу адзначыць, што мы з гэтай нагоды наведалі ўчора пахаванне Яраслава Кастыцэвіча, дзе ўсклалі кветкі, каб аддаць яму даніну павагі за тое, што ён зрабіў для ўсіх беларусаў Бельшчыны.
РР: Вядома, што захаваліся старыя будынкі, дзе вучні вывучалі беларускую мову ці вучыліся па-беларуску.
Андрэй Сцепанюк: Так, такое месца ёсць на скрыжаванні вуліц Відоўскай і Міцкевіча, дзе гэта ўсё паўставала. Ёсць месца на скрыжаванні вуліц Касцюшкі і 3 траўня, дзе таксама месцілася школа, але ўжо пэўны час, пасля таго, што зрабіў Кастыцэвіч, мы знаходзімся ў цэнтры горада – гэта вельмі важна. Калі ідзеш па горадзе, то цяжка не заўважыць Беларускі ліцэй. Сімвалічнае гэта месца тым, што тут знаходзіўся Мікалаеўскі сабор. Думаю, што гэтае месца сапраўды вельмі значнае, бо тут знаходзіцца не толькі ліцэй, а таксама пачатковая школа №3 і гімназія №3. Гэта значэнне, якое беларуская асвета павінна адыгрываць для горада, а таксама для ўсіх беларусаў Польшчы.
РР: Шмат пакаленняў з Бельшчыны вучацца ў гэтай школе, вы таксама прыклад таго, што сувязь са школай не разрываецца пасля яе заканчэння.
Андрэй Сцепанюк: Калі паглядзець, то нават цяпер большасць бацькоў вучняў, якія вучацца ў нас – гэта нашыя выпуснікі. Я памятаю са свайго дзяцінства, што ў хаце ніколі не казалі пра тое, каб мой брат ці я маглі пайсці ў іншую школу акрамя беларусай. Ужо некалькі пакаленняў – бацькі, дзеці, унукі, а таксама здаецца праўнукі, якія вучацца ў Беларускім ліцэі. З аднаго боку традыцыя і нейкая настальгія існуе, а з другога боку мы жывем у такіх часах, калі б ліцэй не трымаў высокага ўзроўню навучання, то таксама не было б вучняў, бо кожны думае, што яму дасць школа ў якую ён будзе хадзіць і якім чынам яна падрыхтуе яго да дарослага жыцця.
Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя