Ля памежнага пункту Меднікі беларускі намётавы гарадок пашыраецца
Намётавы гарадок ля памежнага пункту Меднікі (Мядзінінкай) працягвае збіраць беларускіх пратэстоўцаў.
Сярод іншых у акцыі бяруць удзел давераныя асобы Святланы Ціханоўскай на мінулых выбарах – гэта сябра прэзідыуму партыі «Народная грамада» Вераніка Мішчанка і чалец Асноўнага складу Каардынацыйнае рады, актывіст грамадскага руху «Краіна для жыцця» Алег Майсееў. Сярод асноўных патрабаванняў акцыі – тэрміновыя і эфектыўныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, а таксама вызваленне палітвязняў.
– Мы ведаем, што 16-га Байдан сустракаецца з Пуціным. А 15-га Еўразавяз звернецца да Байдана аб увядзенні санкцый па Беларусі. Таму мы і робім як мага шырэйшую дзейнасць, каб на нас звярнулі ўвагу. Ну і, па-другое, мы ведаем, што Лукашэнка пачаў прапаноўваць палітвязням, каб яны пісалі звароты аб памілаванні. Пачынаецца ягоны гандаль з Захадам.
– Тое, што яны спадзяюцца, што ім дапаможа Кітай і Расея, але яны таксама не ўсемагутныя.
Мінулы вечаровы збор удзельнікі акцыі ў Медніках прысвяцілі бацьку беларускае незалежнасці Івану Луцкевічу. Каардынатары намётавага мітынгу раяць усім, хто жадае далучыцца, браць з сабой перадусім добры настрой.
– Добры настрой, зарад бадзёрасці мы ім перададзім. Мы кожны з сабой прывозім прадукты, купляем намёты, робім сцягі, робім расцяжкі.
– Сродкі ад камароў не зашкодзяць.
Дададзім, што ў мінулую сераду беларусы таксама зладзілі акцыі на трох пунктах пропуску ў Польшчы – Баброўніках, Кузніцы і Кукурыках. Ад сёння пачнецца пікет ва Украіне ў Новых Ярылавічах, а ў суботу пройдуць мітынгі ў Латвіі.
Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя