Беларускі пасол у Варшаве выкліканы ў МЗС Польшчы (абноўлена)



Польшча не мае ані памежных, ані геапалітычных, ані вайсковых рухаў адносна Беларусі. Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач расказаў, што падчас размовы з паслом Беларусі ў Польшчы ён перадаў у адрас афіцыйнага Менску словы “здзіўлення, расчаравання і заклапочанасці з нагоды заяў Аляксандра Лукашэнкі і яго найбліжэйшага атачэння”, – паведамляе Польскае радыё. 27 жніўня ў МЗС Польшчы выклікалі амбасадара Беларусі Віктара Чушава пасля заявы Лукашэнкі, што Польшча нібыта мае тэрытарыяльныя прэтэнзіі на Гарадзенскую вобласць. Паводле намесніка міністра, беларускага дыпламата тэрмінова запрасілі ў МЗС у сувязі з “серыяй ілжывых заяў, абвінавачанняў з боку вышэйшых прадстаўнікоў уладаў Беларусі ў адрас Польшчы”. “На наш погляд, гэта спроба запалохаць беларускае грамадства нейкім уяўным знешнім ворагам”, — ацаніў намеснік міністра.

* * * 

Пасол Беларусі ў Варшаве Уладзімір Чушаў 27 жніўня выкліканы ў МЗС Польшчы, паведаміў намеснік міністра замежных спраў Марцін Пшыдач.

„У сувязі з неаднаразовымі неабгрунтаванымі абвінавачваннямі ўладаў Беларусі на адрас Польшчы сёння ў 15.00 (16.00 па мінскім часе. — БелаПАН.) пасол Рэспублікі Беларусь быў выкліканы ў Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча”, — напісаў ён у сваім твітэр-акаўнце.

Аляксандр Лукашэнка 27 жніўня заявіў, што ў дачыненні да Беларусі пачалася „дыпламатычная бойня” на самым высокім узроўні. „Мы сёння маем у наяўнасці пэўны этап гібрыднай, скажам проста, вайны супраць Беларусі. А як інакш гэта назваць? Сродкі масавай інфармацыі і інфармацыйная сфера паражоныя гэтай барацьбой, вайной супрацьлеглых бакоў. Дыпламатычная бойня супраць нас пачалася і на самым высокім узроўні”, — сказаў ён на нарадзе па развіцці арганізацый Міністэрства прамысловасці.

Паводле яго слоў, „няўстояныя суседзі” Беларусі не толькі ў адкрытую заяўляюць пра сваю пазіцыю наконт паўторных выбараў у краіне, але і пачынаюць умешвацца ва ўнутраныя справы краіны, „ціснуць на дзяржаву”.

У гэтых умовах, заявіў Лукашэнка, краіна вымушаная расходаваць велізарныя грошы, каб стабілізаваць становішча на заходніх межах, куды перакінутыя некаторыя ваенныя часці. „Вы бачыце гэтыя заявы пра тое, што калі Беларусь распадзецца, то Гарадзенская вобласць адыдзе Польшчы. Яны пра гэта ўжо ў адкрытую кажуць, спяць і бачаць. Нічога ў іх у гэтым плане не атрымаецца, гэта я ведаю дакладна”, — сказаў ён.

Раней Лукашэнка заяўляў, што масавыя пратэсты ў Беларусі каардынуюць арганізатары з Польшчы, Вялікабрытаніі і Чэхіі, а кіруюць ўсім ЗША. „Нам рыхтавалі гэтую вось заварушку… Плануюць усё гэта і накіроўваюць ЗША, а еўрапейцы падыгрываюць. Сказана так — зробяць так. Створаны спецыяльны цэнтр пад Варшавай. Мы кантралюем, ведаем, чым ён займаецца. Пачалі бразгаць гусеніцамі”, — сказаў ён 21 жніўня, наведваючы агракамбінат „Дзяржынскі” ў Менскай вобласці.

belapan.by