Беларускі садок запрашае на сустрэчу выпускнікоў
Беларускі дзіцячы садок №14 запрашае сваіх выпускнікоў на юбілей. Установа адзначае 20-годдзе дзейнасці беларускамоўных групаў.
Мы ўжо рыхтуемся да ўрачыстасці і заклікаем усіх ахвотных выпускнікоў, якія хочуць прадставіць свае таленты, таксама выступіць на сцэне залы пасяджэнняў ваяводскай управы ў Беластоку, кажа дырэктарка садка Люцыя Неміровіч:
– Жадаючых выступіць сардэчна запрашаем у пятніцу а 17-й гадзіне адбудзецца рэпетыцыя. Можна прыйсці і паведаміць пра сваё жаданне выступіць. Дакладна не пакажам усяго, але хочам паказаць нашую традыцыю і тое, што дзеткі вельмі добра сябе адчуваюць на сцэне, прыгожа спяваюць, танцуюць. Самае галоўнае, каб усе хто прыйдзе на нашу сустрэчу выпускнікоў, адчувалі сябе добра.
З’езд выпускнікоў беларускамоўных групаў дзіцячага садка №14 у Беластоку пройдзе 23 чэрвеня ў зале пасяджэнняў ваяводскай управы Падляшша. Пачатак а 17-й гадзіне.
Беларускае Радыё Рацыя
