„Беларускі тыдзень” працягне выходзіць на TVP3 Białystok



Перадача „Беларускі тыдзень” для беларускай меншасці ў Польшчы будзе выходзіць на Беластоцкім тэлебачанні па нядзелях, яна надалей будзе стварацца ў тэлевізійным асяродку.

Ліст такога зместу ад дырэктара Беластоцкага асяродка Польскага тэлебачання Эўгеніюша Шпакоўскага атрымаў шматгадовы аўтар праграмы Мікола Ваўранюк, які ствараў перадачу „Беларускі тыдзень” і адначасна каардынаваў вытворчасць тэлеперадач іншых нацыянальных меншасцяў у рэгіёне. Дырэктар асяродка 22 красавіка сустрэўся з Міколам Ваўранюком і паведаміў, што перадачы ромскай, расейскай і татарскай меншасцяў Ваўранюк выдаваць ужо не будзе.

Мікола Ваўранюк расказаў наступнае:

– Магу рабіць „Беларускі тыдзень” так, як рабіў яго раней. Сродкамі, сіламі Польскага тэлебачання, з людзьмі, якія тут працуюць, а таксама з выкарыстаннем архіваў Польскага тэлебачання „Беласток”. У гэтым лісце ішла гаворка толькі пра „Беларускі тыдзень”.  Толькі што спаткаўся з дырэктарам і пачуў ад яго, што перастаю быць выдаўцом праграм Tatarskie wieści, My Romowie і Wiadomości rosyjskie.

Дырэктар Беластоцкага тэлебачання Эўгеніюш Шпакоўскі 14-га красавіка спыніў мантаж перадачы „Беларускі тыдзень” спасылаючыся на меры бяспекі ў сувязі з эпідэміяй каронавіруса. Цяпер гэтыя захады тлумачацца непаразуменнем: 

– Прасіў яго, можа быць толькі так прагучала. Не хацеў бы канешне шукаць вінаватых, мая віна ў тым, што мы не сустрэліся. Не было рашэння, каб Мікола не рабіў гэтага. Я ведаю, што Мікалай хацеў зрабіць гэту перадачу, я думаю, што перадача зробленая на базе архіўных матэрыялаў была б добрай. Ішло пра высвятленне пэўных падрабязнасцяў, якія маглі б гэтую супрацу нейкім чынам палепшыць, перадусім з пункту гледжання бяспекі супрацоўнікаў.

У справе з перадачамі для нацыянальных меншасцяў на Беластоцкім тэлебачанні да кіраўніцтва Польскага тэлебачання і міністраў звярнуліся дэпутаты Сейма ад Падляшша, сярод іх Роберт Тышкевіч, Яўген Чыквін і Павел Крутуль, а таксама Адрыян Зандберг з Варшавы. Ліст з пратэстам накіравалі Старшыні ўправы польскага тэлебачання Мацею Лопіньскаму беларускія арганізацыі Польшчы, падпісалі яго, між іншым, аб’яднанне АБ БА, Тамаш Суліма, які  прадстаўляе Асацыяцыю беларускіх журналістаў, Міраслава Лукша ад Літаратурнага аб’ яднання „Белавежа”. 

Перадача „Беларускі тыдзень” Міколы Ваўранюка не з’явілася ў эфіры Беластоцкага асяродка Польскага тэлебачання 19-га красавіка, замест яе выйшла перадача Катажыны Паплаўскай.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя