Беларускія акцэнты на фестывалі “Усход культуры”



Выставы беларускіх мастакоў, клезмерскія канцэрты, спектаклі, і фатаграфічныя майстар-класы.

WK-logo

 

Ужо ў наступныя выходныя ў Беластоку пачынаецца фестываль “Усход культуры – Іншае вымярэнне”. Сёлета мерапрыемства прысвечана габрэйскай сучаснай культуры. На працягу чатырох дзён сярод іншых выступяць калектывы Клезмафор, KROKE і Тэатр Хорэа. Сярод мерапрыемстваў – вернісаж выставы пад назвай “ЗБОР. Стварэнне архіву” групы беларускіх куратараў, кажа прэс-сакратар галерэі “Арсенал” Магдаліна Верэмеюк:

– Выставы падрыхтавала даследчая платформа беларускага мастацтва KALEKTAR, якая зрабіла вялізную працу па збору найважнейшых выказванняў беларускіх артыстаў з канца 80-х гадоў да сённяшніх дзён. Гэтая выстава мае характар віртуальнага музея альбо падручніка найноўшага беларускага мастацтва.

Вернісаж выставы ў галерэі “Арсенал” у пятніцу 28 жніўня. Днём раней – яшчэ адзін  беларускі акцэнт – перформанс ад Аляксандра Краўчанкі, Наталлі Лісоўскай, Віктара Пятрова і Сяргея Ждановіча. Фестываль “Усход культуры – Іншае вымярэнне” пачынаецца ў наступны чацвер 27 жніўня.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя