Беларускія акцёры паказалі «Тры Жызелі» ў Беластоку
Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі ў Беластоку паказаў спектакль «Тры Жызелі». Працягваецца фестываль «Напрамак Усход», у рамках якога ўжо другі раз у сталіцу Падляшша прыязджае гэты тэатральны калектыў. Паміж менскім і беластоцкім спектаклем наладжанае цеснае супрацоўніцтва. І для беластоцкай публікі выбіраюцца лепшыя спектаклі – кажа дырэктар тэатра Святлана Карукіна:
– Я ганаруся ўсімі спектаклямі нашага тэатра. Асаблівая рыса маіх акцёраў – яны сумленныя да апошняй секунды на сцэне. І гэта вельмі важна. Яны жывуць на сцэне. І я думаю, што якраз сёння гледачы ў гэтым пераканаліся.
Мастацкі кіраўнік тэатра Аляксандр Гарцуеў паставіў гісторыю Андрэя Курэйчыка «Тры Жызелі». Гэта гісторыя рэальнага жыцця францужанкі Жызель Купэс, якая нарадзілася і вырасла ў Парыжы, але па волі лёсу большую частку свайго жыцця правяла ў беларускай вёсцы Карзуны. Беластоцкая публіка з авацыямі прывітала беларускіх артыстаў.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота dramatyczny.pl