Беларускія будаўнікі збіраюцца судзіцца з польскім працадаўцам



З іх слоў, ім не даплацілі на будоўлі ў Гданьску заробак за выкананую працу на суму ў 25 тысяч злотых.

Працадаўца-падрадчык, якога завуць Яраслаў, у сваю чаргу спасылаецца на тое, што праца не была выкананая належным чынам, а беларусы прыходзілі на будоўлю ў п’яным выглядзе. Яго словы абвяргае Андрэй, адзін з беларускіх гастарбайтараў.

– Нібыта мы прыходзілі п’янымі на працу. Але там былі інспектары, былі кіраўнікі прац, былі майстры. Я думаю, да працы ніхто б п’яных не дапусціў. Калі мы прыехалі, ён папрасіў: дапамажыце хлопцам зрабіць фасад. Майстар і кіраўнік будоўлі былі задаволеныя. Сказаў: паведамі свой карт-рахунак, куды пералічыць грошы. Тэлефанаваў яшчэ аднаму знаёмаму, што ён прывязе грошы і са ўсімі разлічыцца. І пасля Новага году сказаў, што нікому нічога не павінен. І нічога не патлумачыў.

Як адзначае Андрэй, ён і яго калегі працавалі ў Польшчы на афіцыйных умовах, таму збіраюцца ісці ў суд. Таксама яны плануюць пісаць заяву, каб Яраслава, які працаўладкоўвае беларускіх будаўнікоў у Польшчы, затрымалі на мяжы для высвятлення ўсіх абставінаў справы.

Дарэчы, і іншыя беларускія будаўнікі даволі часта скардзяцца на тое, што ім не даплочваюць заробак у Польшчы.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя