Беларускія і польскія гісторыкі абмяркуюць падзеі верасня 1939 года
Беларускія і польскія гісторыкі абмяркуюць падзеі верасня 1939 года на сустрэчы, якая адбудзецца ў Гародні. Арганізатарам выступае фундацыя імя Ёахіма Лелевеля і яе кіраўнік Пётар Касьціньскі.
Фармат сустрэчы прадугледжвае адкрытую дыскусію пра наступствы верасня 1939 года і значэнне тых падзеяў у лёсах палякаў ды беларусаў. Пытанне: «Вызваленне ці акупацыя?», — павінна стаць дамінантай дыскусіі, якая, па словах консула Рэспублікі Польшча ў Гародні, Збігнева Прухняка, будзе накіравана, перад усім, на адмыслоўцаў:
— Гісторык гэта такая прафесія дзе ты павінен дыскутаваць, размаўляць пра факты. А факты трэба інтэрпрэтаваць канкрэтным чынам.
Сустрэча мае адбыцца ў суботу, 26 верасня, а адзінаццатай гадзіне, у актавай залі Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Гародні. Запрашаюцца ўсе ахвотныя.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
