Беларускія і польскія гісторыкі абмяркоўваюць складаныя пытанні
У Беластоцкім універсітэце праходзіць трэцяя серыя навуковых сустрэч «Польска-беларускі дыялог гісторыкаў па складаных пытаннях». У канферэнцыі ўдзельнічаюць навукоўцы з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, універсітэтаў з Беластока, Торуня ды Ополя, а прадметам іх абмеркавання з’яўляюцца падзеі 1917-1921 гадоў.
Дыскусія закранула між іншым падзеі польска-бальшавіцкай вайны 1920 года ды штодзённае жыццё жыхароў памежжа, расказвае адзін з арганізатараў канферэнцыі, дэкан гістарычнага факультэта БДУ прафесар Аляксандр Каханоўскі:
– Нам, сучаснікам, вельмі цяжка зразумець, ацаніць асабліва дзеянні тых лідараў, тых палітычных дзеячоў. Мы іх ацэньваем з пункту гледжання сучаснага дня. А трэба разумець, наколькі быў складаны час. І якраз вось дзеля гэтага і збіраюцца і польскія, і беларускія гісторыкі.
Натхненнем для дыскусіі стала сотая гадавіна заканчэння Першай сусветнай вайны, пасля якой многія народы, як палякі, атрымалі незалежнасць, іншыя, як беларусы, не змаглі сфармаваць сваёй дзяржавы.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота: універсітэт у Беластоку