Беларускія хоры на фестывалі царкоўнай музыкі „Гайнаўка-2016” (абноўлена)



Два беларускія хоры выступілі ў час конкурсных праслухоўванняў першага дня Міжнароднага фестывалю царкоўнай музыкі „Гайнаўка-2016”.

DSC03914

Сярод аматарскіх хораў выступіў лаўрэат 2009 года хор “Cantus Juventae” з Менска, з дырыжорам Паўлам Шэпелевым. У катэгорыі прыхадскіх хораў заспяваў камерны хор “Праабражэнне” з Барысава.

Гаўрылава Наталля, удзельніца хора “Праабражэнне”:

– Для кожнага з нас – гэта шлях да Бога, і калі мы спяваем духоўную музыку, мы адчуваем у душы свет, радасць.

Сябра журы фестывалю айцец Юры Шурбак:

– Трэба дасканала ведаць літаратуру, слова Божае, упрыгожанае мелодыяй і гармоніяй, і тады гэта дае эфект, які ўзрушвае чалавечыя сэрцы.

Дырыжор Павел Шэпелеў:

– У гэтым годзе мы зрабілі акцэнт на духоўную музыку, і ў асноўным рыхтавалі сольны канцэрт і конкурсную праграму. Але зусім нядаўна мы спявалі на рэспубліканскім фестывалі музыкі, і выконвалі беларускія народныя і сучасныя песні.

Сёння, 20 траўня, другі дзень конкурсных праслухоўванняў. Выступіць хор хлопчыкаў  са Светлагорска. Пачатак а 17-й гадзіне ў памяшканні філармоніі па вуліцы Падлесьнай 2.

[Not a valid template]

* * *

Два беларускія хоры выступяць сёння ў час конкурсных праслухоўванняў Міжнароднага фестывалю царкоўнай музыкі „Гайнаўка-2016”. Госці фестывалю пачуюць дзесяць хораў між іншым з Латвіі, Славакіі, Аўстраліі ды Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. У катэгорыі прыхадскіх хораў заспявае камерны хор “Праабражэнне” з Барысава.

DSC03870

Сярод аматарскіх хораў пачуем таксама лаўрэата 2009 года хор “Cantus Juventae” з Менска, кажа дырэктар фестывалю Мікалай Бушко:

– Заспявае аматарскі хор, я маю на ўвазе нашага лаўрэата, славуты хор Лінгвістычнага ўніверсітэту з Менска, якім кіруе Павел Шэпелеў, які некалі прыязджаў да нас, вёў некалькі гадоў хор радыё.

Навінкай сённяшніх праслухоўванняў будзе хор праваслаўнага сабора святога Тамаша з Дубаю (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты). Хор заспявае між іншым на стараарамейскай мове, на якой гаварыў Ісус Хрысос.

Пачатак конкурсных праслухоўванняў а 17-й гадзіне ў памяшканні філармоніі па вуліцы Падлесьнай 2.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток