Беларускія мастакі створаць мурал у Беластоку



Чарговы мурал у Беластоку выканаюць мастакі з Беларусі. Якія? Пакуль што арганізатар – Ваяводскі асяродак анімацыі культуры – не хоча раскрыць гэтай таямніцы. Мурал узнікне ў рамках кампаніі Folk on the street і ў 60-ю гадавіну ўзнікнення асяродка.

Дырэктар гэтай ваяводскай установы культуры Цэзары Мелька лічыць, што новы мурал стане не менш вядомым, чым “Дзяўчынка з палівачкай”:

– Паўстане новы мурал. Вядома, усе ведаюць “Дзяўчынку з палівачкай”, якая стала візітоўкай нашага ваяводства. Размаўляем з мастакамі з Беларусі, агаворваем дэталі. І пасля зможам пахваліцца прыгожым графіці ў Беластоку. Дзе? Пакуль не хочам казаць.

Мурал, які выканаюць беларускія мастакі, з’явіцца ў верасні. Таксама ў рамках святкавання юбілею Ваяводскага асяродка анімацыі культуры адбудуцца канцэрты, майстар-класы па танцах, тэатральныя агляды і фотавыставы.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота аўтара