Беларускія мігранты выбіраюць Польшчу



Польшча з’яўляецца краінай, якая найбольш прываблівае беларускіх мігрантаў. Сярод васьмідзесяці тысяч грамадзян Беларусі, якія ў мінулым годзе атрымалі дазвол на пражыванне ў Еўразвязе, Польшча выдала 74 тысячы дазволаў на сталае ці часовае пражыванне. Гэта пятая частка ўсіх дазволаў, выданых  Польшчай. Даволі істотную частку мігрантаў складаюць грамадзяне Беларусі, якія валодаюць Картай паляка.

У свой час Закон “Аб карце паляка” быў прыняты польскім урадам дзеля падтрымкі этнічных палякаў, якія ў выніку пэўных гістарычных працэсаў апынуліся па-за межамі краіны – зазначае старшыня галоўнай рады Саюзу палякаў на Беларусі Анжаліка Борыс:

– Карта паляка дала шанец, дала мажлівасць уезду ў Польшчу, атрымання навучання польскай мове, магчымасці ўладкавацца на працу. Яна была своеасаблівымі варотамі, якія разблакавалі кантакт з краінай. Час паказвае, што гэта мела рацыю, і тысячы жыхароў Беларусі польскага паходжання, не толькі Літвы і Украіны, скарысталіся гэтым.

Летась колькасць мігрантаў, якія атрымалі дазвол на жыхарства ў Еўразвязе, перавысіла два мільёны чалавек. Кожны чацвёрты мігрант абраў Велікабрытанію. Папулярнасцю карысталіся таксама такія краіны, як Польшча, Нямеччына, Італія і Францыя.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня