Беларускія мытнікі сталі часцей затрымліваць украінскіх перавозчыкаў
На беларуска-украінскай мяжы амаль штодня затрымліваюць украінскіх аўтамабільных грузаперавозчыкаў. Прычына затрымання – дадатковыя паліўныя бакі ва ўкраінскіх грузавіках. Украінскія грузавікі з дадатковымі топліўнымі бакамі выпраўляюць на штрафныя пляцоўкі, прытым ўжо ёсць прэцэдэнты іх канфіскацыі праз суд.
Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
Прычына, па якой ўкраінскія кіроўцы ставяць на грузавікі дадатковыя паліўныя бакі – розніца ў коштах на дызельнае паліва ў Беларусі і ва Украіне. Сярэдні кошт літра саляркі маркі Еўра-5 у Беларусі – 12 300 беларускіх рублёў, што складае каля 73 цэнтаў, кошт такой жа саляркі ў Кіеве – 18 грыўняў, а гэта ўжо 81 цэнт. Паліўны бак папулярнага ва Украіне нямецкага цягача “MAN” разлічаны на 400 літраў. Пры запраўцы дызельным палівам у Беларусі ўкраінскі кіроўца мае выгоду ў 32 даляры толькі з аднаго бака. Дадатковы бак дае магчымасць заашчадзіць немалую суму толькі за адну паездку.
Але ж беларускія мытнікі разглядаюць дадатковыя паліўныя бакі, непрадугледжаныя канструктыўна, як тайнікі, а іх кіроўцаў – як кантрабандыстаў палівам.
Згодна Адміністрацыйнага кодэксу на кіроўцаў такіх аўтамабіляў накладаюць штраф да 30 базавых велічынь, з канфіскацыяй і кантрабанднага паліва, і транспартнага сродку.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя