Памежнікі Беларусі звінавацілі ўкраінцаў у правакацыі
Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі абвінавачвае ўкраінскіх вайскоўцаў у правакацыі на мяжы з Беларуссю. Нібыта 19 лістапада каля 16:00 на чыгуначным пункце пропуску „Славечна” (з украінскага боку гэта „Выступовічы”) узброены чалавек незаконна перасёк мяжу і зайшоў на тэрыторыю Беларусі. Мяжа ў гэтым месцы праходзіць па цэнтры чыгуначнага моста.
„Знаходзячыся на беларускай тэрыторыі, украінскі вайсковец ажыццяўляў фота- і відэаздымку мясцовасці, а таксама шукаў ці ўсталёўваў нешта ў снезе”, — паведамляе ДПК Беларусі. Ведамства пачало праверку.
Між тым, відэа, паказанае беларускімі памежнікамі ў якасці „доказу”, не змяшчае моманту пераходу меркаваным „украінцам” мяжы. Таксама яно не дазваляе ідэнтыфікаваць знятага чалавека не толькі як грамадзяніна Украіны, але і як вайскоўца.
Беларускае Радыё Рацыя