Беларускія памежнікі мінімізуюць чэргі перад святамі
Напярэдадні калядных і навагодніх святаў жыхары Гародні і вобласці асабліва часта ездзяць за мяжу: у госці да сваякоў ці сяброў, на шопінг ці проста ў замежны ўікэнд. У гэтыя дні ў пунктах пропуску пасажырапаток традыцыйна павялічваецца.
Дзяржаўны памежны камітэт заўсёды ўлічвае верагоднасць узнікнення чэргаў у такія перыяды і прадпрымае вычарпальныя меры для камфортнага перасячэння мяжы, паведамілі ў ведамстве.
Напярэдадні снежаньскіх і студзеньскіх святаў на памежных пераходах будзе павялічана колькасць памежнікаў. Акрамя таго, з кантрольнымі службамі сумежных дзяржаў прапрацоўваюцца пытанні рытмічнага пропуску праз дзяржаўную мяжу асобаў і транспартных сродкаў, а таксама алгарытмы аператыўнага рэагавання на выпадкі стварэння значных чэргаў.
Па прагнозах спецыялістаў, да пачатку святочных выходных найбольш загружанымі апынуцца выязныя напрамкі, а да іх завяршэння павелічэнне пасажырапатоку будзе адзначацца ўжо пры ўездзе ў Беларусь.
Беларускае Радыё Рацыя