Беларускія памежнікі затрымалі двух украінцаў



Беларускія памежнікі затрымалі двух украінцаў, якія парушылі дзяржаўную мяжу на ўчастку паміж Гомельскай і Чарнігаўскай абласцямі. Пра гэта перадаюць украінскія медыа са спасылкай на прэсовую службу беларускай памежнай службы.

Беларуска-украінская мяжа на гомельска-чарнігаўскім участку пакуль не дэмаркаваная. Там няма ані кантрольна-следавой паласы, ані памежных адмысловых слупкоў, ані іншых адзнак. У выніку жыхары сумежжа як з беларускага, так і з украінскага бакоў парушаюць дзяржаўную мяжу без злоснага намеру.

Так здарылася і з двума рыбакамі з Чарнігаўскай вобласці. Абодва рыбачылі з маторнага чаўна і незаўважна для сябе пераплылі на тэрыторыю Беларусі. Парушальнікаў угледзілі ўкраінскія памежнікі і перадалі інфармацыю пра іх беларускім калегам, якія і затрымалі рыбакоў. Пасля допыту і складання пратаколаў абодва парушальнікі былі дэпартаваныя ва Украіну, а іх маторны човен быў перададзены на гомельскую мытню, дзе і будзе знаходзіцца да рашэння суда.

Дэмаркацыя дзяржаўнай мяжы паміж Беларуссю і Украінай распачалася толькі сёлета і скончыцца праз 7-8 гадоў.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя