Беларускія студэнты з адукацыйным візітам у Беластоку
У Беластоку праходзіць адукацыйны візіт пад назвай “Паспяховыя практыкі адвакацыі і публічных кампаній у Польшчы: студэнцтва і моладзь”.
Прымаюць удзел у ім 16 студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў з Беларусі. Падрабязней пра праграму візіту апавядае арганізатар Алесь Зарэмбюк з „Беларускага дому” ў Варшаве:
– Праграма насычаная і вельмі розная. У асноўным гэта два аспекты. Першы – гэта пабачыць, паглядзець, як працуюць дзяржаўныя ўстановы ў розных галінах. І пабачыць, якім чынам у Польшчы адбылася трансфармацыя за апошнія 30 гадоў і якія вынікі гэтай трансфармацыі. Паспрачацца пра гэта ў дыскусіях. Другі аспект, гэта ўжо сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый, з прадстаўнікамі лакальных супольнасцяў, і безумоўна з журналістамі і прадстаўнікамі ўладаў.
Між іншым, беларускія студэнты з ліку ўдзельнікаў адукацыйнага візіту завіталі і на сядзібу Беларускага Радыё Рацыя, дзе знутры пазнаёміліся са спецыфікай працы станцыі:
– Мы з сяброўкай удваіх вырашылі, што паедзем, і нас абодвух узялі. Тым больш што нядаўна былі ў Беластоку. Зачапіла тэма і горад. І пра Радыё Рацыя я не першы раз чую. На фестываль «Басовішча» ездзілі, там, канешне, на свае вочы гэта ўсё пабачылі.
Гісторык-аматар Аляксей Трубкін правёў экскурсію па беларускіх месцах Беластока.
Адукацыйны візіт пачаўся яшчэ ад 18 жніўня і разлічаны на тры дні. Завершыцца ён 21-га.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток