Беларускія сустрэчы ў Філадэльфіі і Нью-Ёрку



Працягваюцца творчыя гастролі беларускай спявачкі і музыкі Таццяны Грыневіч па гарадах ЗША. У Філадэльфіі і Нью-Ёрку да яе далучыўся бард, паэт і перакладчык Сяржук Сокалаў-Воюш. Таленавітых гасцей усюды шчыра віталі беларусы.

У Філадэльфіі Таццяна і Сяржук распавялі пра сваю сумесную працу, вынікі якой адлюстраваны на дысках „Пасьпеўкі” і „Гукаю цябе”. Падчас сустрэч Таццяна спявала „Паланэз Агінскага” на словы Сержука, а таксама „Бэсамэ мучо” у ягоным перакладзе.

Пры сустрэчах беларусы гутарылі пра пратэсты, спявалі пратэстныя песні, звярнулі ўвагу на значэнне мовы і неабходнасць яе вяртання, таксама гучалі песні ў падтрымку Украіны.

Сяржук Сокалаў-Воюш выканаў песню, напісаную ім пра Каліноўцаў, прачытаў свае новыя вершы пра вайну ва Украіне. Для прысутных беларускіх дзяцей Таццяна, як заўжды, праспявала „Куру шчабятуру”, наладзіла гульні, танцы. У Нью-Ёрку у саборы Кірылы Тураўскага ў Брукліне прайшла паніхіда па Янку Запрудніку, а пасля ў зале царквы Ала Орса-Рамана і Валянціна Трыгубовіч падзяліліся сваімі ўспамінамі пра Янку Запрудніка. Таццяна спявала песні пра Нёман (Янка Запруднік быў родам з Міра, дзе побач цячэ Нёман).

Калыханку „Доўгі дзень” спявалі ўсе разам са слязамі на вачах, бо Таццяна расказала прысутным, як яе спявалі над магілкай на пахаванні Генадзя Бураўкіна. Прыгадалі ўсе Адама Мальдзіса, Анатоля Вярцінскага, Станіслава Шушкевіча, якія ўзняліся сёлета ў нябёсную Беларусь. Сяржук таксама праспяваў свае песні „Аксамітны летні вечар” і „Прыстанкі”.

Завяршалі сустрэчу гімнамі Украіны, БНР (“Мы выйдзем шчыльнымі радамі”), песнямі “Пагоня” і духоўным гімнам „Магутны Божа”.

Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара