Беларусу пагражае дэпартацыя з Літвы
У Літве 14 лістапада пройдзе слуханне па справе аб дэпартацыі беларуса Мацвея Бяляя, якога абвінавачваюць у нападзе на пасольства Беларусі ў Вільне. Раней яго пазбавілі статусу ўцекача, паведамляе Радыё Свабода. Мацвей Бяляй паўгода правёў у ізалятары ў Вільні. Нядаўна ён выйшаў на волю да суда, аднак праз некалькі дзён даведаўся, што яго хочуць дэпартаваць з краіны. Мацвей кажа, што ў 2020 годзе ён працаваў каардынатарам у штабе кандыдата ў прэзідэнты, старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Сяргея Чэрачня і сам быў сябрам партыі. У 2021 годзе быў затрыманы і знаходзіўся ў СІЗА, але праглынуў алюмініевую лыжку, трапіў у шпіталь і збег.
Уначы 20 красавіка гэтага года на тэрыторыю пасольства Беларусі ў Вільні закінулі лампадку, напоўненую лёгкай на загаранне вадкасцю, паведамлялі ў паліцыі Вільні. У выніку гэтага ўзнік пажар, але згас сам, ніхто не пацярпеў.
Беларускае Радыё Рацыя