Беларусы адзначаюць Дзень беларускай вайсковай славы ў Львове



Рух Салідарнасці „Разам“ праводзіць шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да 500-годдзя перамогі войскаў Вялікага княства Літоўскага над Масквою ў бітве пад Воршай. Сёння з раніцы ўскладалі кветкі на магілах украінскіх паўстанцаў на Лычакоўскіх могілках у Львове. Пасля ўрачыстае святкаванне працягнулася на галоўнай плошчы побач з гарадской Ратушай. Са сцэны гучалі песні ў выкананні беларускага барда Андрэя Мельнікава, а таксама выступы беларускіх дзеячаў, – кажа старшыня Руху Салідарнасці „Разам“ Вячаслаў Сіўчык:

– Гэта быў расповяд не толькі пра нашае гістарычнае мінулае, пра знакамітую бітву. Таксама шмат гаварылася пра тое, што зараз адбываецца на Дамбашчыне. І вельмі прыемна, што прадстаўнікі розных еўрапейскіх народаў зараз салідарныя з Украінай.

Сёння ва Украіне таксама адбываюцца дзяржаўныя ўрачыстасці з нагоды перамогі ў бітве пад Воршай. Мерапрыемствы праходзяць у Астрозе, Луцку ды іншых гарадах і мястэчках, якія некалі належалі роду гетмана Канстанціна Астрожскага, які ўзначальваў войскі ВКЛ пад Воршай.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя