Беларусы Батумі: абыякавых з кожным тыднем усё менш
Амаль паўсотні беларусаў Батумі прыйшло ў цэнтр гораду да Батумскага ўніверсітэта дзе адбылася акцыя прысвечаная патітзняволеным у Беларусі. Нагодай да гэтага ўжо традыцыйнага мерапрыемства ў Батумі стаў дзень народзін аднаго з палітзняволеных, адваката Максіма Знака.
Пра акцыю і людзей на ёй распавядае адзін з актывістаў:
„Я б хацеў, каб было пабольш людзей, але думаю што дастаткова. Учора былі вельмі моцныя дажджы і шторм, таму людзі думалі, што сёння будзе такое ж надвор’е, таму не прыйшлі. Але абыякавых з кожным тыднем усё менш. Людзі прыходзяць, людзі ўдзельнічаюць, людзі салідарныя, людзі прапануюць нейкія ідэі. Кожны разумее – мы непераможныя, пакуль мы адзіныя”.
Актывіст канстатуе, што на акцыі ў Батумі збіраюцца людзі рознага ўзросту, у тым ліку сталыя людзі:
„Я сустракаў. Ім вельмі цяжка прыходзіць на акцыі і разам з намі доўга быць актыўнымі. Але прыходзяць. Сёння прыйшла бабуля, папрасіла ў нас сцяг – мы далі ёй сцяг Батумі на вудзе, яна ім памахала і пайшла дадому. Так што розныя пакаленні аб’яднаныя адным вялікім горам.”
Наступная акцыя ў Батумі плануецца ўжо 11 верасня і яна будзе прысвечана дню народзін Святланы Ціханоўскай.
Беларускае Радыё Рацыя