Беларусы Беластока просяць выставіць творы Язэпа Драздовіча



Беларусы Беластока звярнуліся да дырэктара Падляшскага музея Вальдэмара Вільчэўскага з просьбай адрэстаўраваць і выставіць тэатральныя дэкарацыі Язэпа Драздовіча.

Пад супольным зваротам падпісаліся: старшыня Беларускага гістарычнага таварыства Алег Латышонак, кіраўніца фонду „Беларусь 2020” Марына Ляшчэўская, кіраўнік фонду Kamunikat.org Яраслаў Іванюк ды кіраўнік фонду Tutaka Павел Станкевіч

Нагадаем, што ў 2015 годзе Галоўнае праўленне Беларускага грамадска-культурнага таварыства перадало тэатральныя дэкарацыі Падляшскаму музею ў Беластоку. Планавалася, што іх адрэстаўруюць і выставяць у музеі, аднак гэтага не адбылося. Тады старшыня БГКТ Ян Сычэўскі адзначаў, што перадача палотнаў спецыяльнай установе з’яўлялася апраўданай. 

Дэкарацыя „Замчышча”

Дэкарацыя „Краявід”

Дэкарацыя „Пушча”

Дэкарацыя „Беларуская вёска з вуліцай”

Дэкарацыі былі створаны Язэпам Драздовічам для беластоцкай драматычнай секцыі Таварыства беларускай школы ў 1933, што было апісана ў яго дзённіку. Ім былі намаляваныя двухбаковыя палотны: „Беларуская вёска з вуліцай”, „Краявід”, „Пушча” і „Замчышча”.

Аляксей Трубкін, Беларускае Радыё Рацыя