Беларусы Беластока: У рэжыму Лукашэнкі ўжо няма тармазоў



На рынку Касцюшкі ў Беластоку прайшла акцыя беларускай дыяспары ў падтрымку незалежных медыя Беларусі.

Сваю заклапочанасць агульнай сітуацыяй у краіне выказалі ўдзельнікі акцыі:

– Жахліва, жахліва… гэта тэрарызм у Беларусі. Гэта нават цяжка знайсці нейкія словы. Я нават не ведаю, што сказаць.

 – Нам сорамна за нашу ўладу. Падтрымка сілавікоў вялікая. Таму што ўсе яны павязаныя, усе ў адной лодцы. У іх рукі ў крыві.

 – Усё цяпер будзе залежыць ад сусветнай супольнасці. Беларусі толькі сусветная супольнасць можа дапамагчы.

Агулам на акцыі сабралася каля 40 чалавек. Акрамя сітуацыі з TUT.BY, смерці Вітольда Ашурка, удзельнікі акцыі публічна выказалі нязгоду з затрыманнем Рамана Пратасевіча.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

***

Наконт акцыі выказаліся яе актыўныя ўдзельнікі:

–  Мы прыйшлі крычаць усяму свету, што людзей садзяць за краты за тое, што яны робяць сваю працу, за тое, што кажуць праўду. Баліць гэта ўсё, так не можа быць. Нельга садзіць людзей за краты толькі за тое, што яны робяць сваю працу, сумленна робяць.

– Нашы журналісты сядзяць у турме, ім не даюць магчымасці працаваць. Мы не ведаем, што там адбываецца ў Беларусі. Гэта вельмі сумна для нас, асабліва вельмі сумна для тых людзей, якія засталіся там.  І калі не будзе такіх журналістаў, якія будуць працаваць у тым кірунку, то гэта будзе страшна, і мы не будзем ведаць, што з нашымі роднымі.

Францішак Цярэшка, Беларускае Радыё Рацыя