Беларусы Беластока збіраюць дапамогу для тэрабароны Украіны
Больш за паўтары гады таму беларуская дыяспара аб’ядналася, каб дапамагаць беларускім палітычным уцекачам, а цяпер настаў час дапамагчы Украіне, якая змагаецца з Пуціным, якога падтрымлівае Лукашэнка. Беларусы Беластока хочуць, каб уцекачы маглі як мага хутчэй вярнуцца дадому, таму яны пачалі збор сродкаў для добраахвотнікаў тэрытарыяльнай абароны.
У эфіры нашага радыя пабываў актывіст беларускай дыяспары Беластока Ян Абадоўскі:
РР: Што патрэбна абаронцам Украіны?
– Галоўнае – гэта спальныя мяшкі да мінус 8 градусаў, мужчынскія боты 40-46 памер, паўэрбанкі, ліхтары, тэрмаадзенне і медыкаменты. Сродкі, якія можна набыць у аптэцы без рэцэпту – павязкі, бінты, стэрыльная марля, пластыры, жгуты. Таксама гэта энергетычныя батончыкі. Байцы, якія знаходзяцца на вайне, не маюць часу гатаваць кашы.
РР: Гэта першая такога кшталту акцыя?
– Гэта першая, але не апошняя такога кшталту акцыя. На наступным тыдні будзе працяг, пра гэта будзем паведамляць праз свае сацыяльныя сеткі, што будзем збіраць.
РР: Такія акцыі – гэта доказ, таго, што ёсць Лукашэнка, а ёсць беларусы?
– Нельга ставіць знак роўнасці паміж лукашэнкаўцамі і сапраўднымі беларусамі. Беларусы амаль паўтары гады выходзяць на акцыі ў падтрымку палітычных зняволеных, у Беларусі зараз вельмі шмат людзей сядзіць за кратамі за свае палітычныя погляды. Беларуская дыяспара Беластока зараз уключылася ў падтрымку ўкраінцаў, якія змагаюцца за нашу вольнасць, менавіта беларусаў. Калі Украіна выстаіць, калі яна пераможа, то лічу, што не будзе і Лукашэнкі. Гэта апошні цвік у яго труну. Праз тэрыторыю Беларусі войскі РФ увайшлі ва Украіну, калі б іх не было на тэрыторыі Беларусі, то яны напэўна так хутка не дайшлі б да Кіева. Беларусы Беластока не толькі выходзяць на антываенныя акцыі, але і ўключыліся ў рэальную дапамогу людзям, якія сёння патрабуюць гэтай дапамогі – гэта байцы тэрытарыяльнай абароны Украіны.
Што патрэбна:
– спальныя мяшкі да мінус 8 градусаў (śpiwory do – 8 stopni)
– мужчынскія трэкінгавыя боты 40-46 памеру (buty męskie trapery)
– паўэрбанкі, (powerbanki),
– ліхтары, (latarki czołowe)
– тэрмаадзенне
– лекі і сродкі, якія можна набыць без рэцэпту (opatrunki, bandaże, octenisept, woda utleniona, gaza jałowa opatrunkowa, plastry, opaski uciskowe, paracetamol, ibuprofen, no-spa)
– энергетычныя батончыкі (batoniki energetyczne)
Беларускае Радыё Рацыя