Беларусы Быдгашча напісалі лісты палітвязням
Некалькі дзясяткаў беларусаў, што пераехалі ў польскі Быдгашч, пісалі лісты палітвязням, што сядзяць за кратамі ў Беларусі. Акцыя адбылася ў адной з мясцовых кавярняў, яе трымаюць беларусы, якія пераехалі ў Быдгашч.

Пра акцыю і яе сэнс распавяла адна з удзельніц Вольга Карнеева:
– Ёсць людзі, якія сядзяць ужо больш за год. Ёсць людзі, якія сядзяць больш за паўтары гады. Гэта вельмі балюча ў душы ўсведамляць, што мы тут, а яны сядзяць. Паколькі я двойчы была на Акрэсціна, я ведаю, як там сядзець. Быць у камеры на Акрэсціна, калі вакол цябе свае людзі і ты адчуваеш падтрымку, гэта не страшна. Страшна, калі змешваюць з бяздомнымі.
Па словах Вольгі Карнеевай, асабліва цяжкім быў выбар каму пісаць гэтыя лісты:
– Ёсць нейкія знаёмыя, якія сядзяць. У мяне ёсць некалькі палітзняволеных знаёмых. Мы тут падлічылі тых людзей, якія, можа, і не вельмі публічныя, і ім менш пішуць. Мы вось абралі іх, каб накіраваць ім лісты.
Акцыя была прысвечана Сусветнаму дню абароны правоў чалавека. Падчас яе ўзгадалі імёны амаль 1000 палітзняволеных, што знаходзяцца за кратамі ў Беларусі.





Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча
