Беларусы галасуюць і па-за межамі Беларусі
Працэдура галасавання за мяжой вельмі спрасцілася і стала больш зручнай, сцвярджае старшыня выбарчай камісіі ўчастка № 734 Міхаіл Гольцаў.
Цяпер пры наведванні выбарчага ўчастка грамадзяніну Беларусі дастаткова мець пры сабе сапраўдны пашпарт з беларускай прапіскай. У Польшчы існуе тры пляцоўкі для галасавання, кажа Міхаіл Гольцаў:
– Генаральнае консульства ў Гданьску было зачынена. І зараз мы мае толькі тры пляцоўкі – безумоўна, гэта амбасада Рэспублікі Беларусь, якая знаходзіцца ў Варшаве, генеральнае консульства ў Беластоку і консульства ў горадзе Бяла-Падляска. На ўсіх гэтых дыпламатычных пляцоўках створаны выбарчыя ўчасткі.
Невялікая колькасць беларускіх грамадзян з ліку тых, што жывуць у Беластоку, паклапацілася пра выбары загадзя і была ўнесеная ў спіс выбарчага ўчастка № 734 у Генеральным консульстве Беластока. Некаторыя выбаршчыкі ўзялі ўдзел у датэрміновым галасаванні.
Кажа Міхаіл Гольцаў:
– У спісах па стане на ўчорашні дзень было 105 чалавек. Па стане на 16 лістапада ўсяго прагаласавала выбаршчыкаў, якія атрымалі бюлетэні, – 22. Канчатковыя лічбы па стане на сённяшні дзень будуць вядомыя толькі пасля заканчэння тэрміну галасавання, пасля 20 гадзін, калі выбарчая камісія будзе ажыццяўляць падлік галасоў.
Прадстаўнікі выбарчай камісіі ўчастка № 734 запэўнілі, што выбары ў Беластоку праходзяць у спакойнай і прыязнай атмасферы.
Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя