Беларусы і палякі абмяркуюць развіццё Аўгустоўскага канала



Рэкламныя акцыі, каб паказаць прыгажосць і турыстычную прывабнасць трансгранічнага рэгіёна. Пра гэта будуць гаварыць у лістападзе на Гарадзеншчыне, дзе рыхтуецца чацвёртае пасяджэнне беларуска-польскай рабочай групы па развіцці Аўгустоўскага канала. У планах – шматдзённыя роварныя маршруты “Мікашоўка – Дамброўка”, а таксама роварны прабег, аналагічны міжнароднаму прабегу “Гародня-Друскенікі”.

Як кажа Міхал Падбельскі з Маршалкоўскай управы Падляшскага ваяводства, супрацы вельмі спрыяе бязвізавы рух:

– Так, гэта было добрае рашэнне для Беларусі. Мы ды іншыя грамадзяне Еўразвяза можам гэтым скарыстацца, каб наведаць частку Беларусі па бязвізавым руху. Гэта падзея прыспешыла новыя працэсы на мяжы, адкрыла новыя магчымасці для турыстаў.

У той жа час працягваюцца перамовы па спрашчэнні перасячэння мяжы ў розных пунктаў пропуску на беларуска-польскай мяжы, кажа намеснік старшыні Гарадзенскага абласнога выканкама Віктар Лісковіч:

– Напрыклад, аўтамабільны пераход „Сафіёва-Ліпчаны” нашмат бы спрасціў перасоўванне аўтамабільнага транспарту з Аўгустова ў Гародню. Нас аб’ядноўвае і Белавежская пушча, частка якой знаходзіцца ў Гарадзенскай вобласці. Там мы таксама з часам зможам паставіць пытанне пра адкрыццё памежнага перахода.

Таксама ў планах трансгранічнага турызму – роварны шлях і новы турыстычны брэнд – “August Velo”. Ён мае стаць працягам Усходняга роварнага шляху “Green Velo” ад Мікашоўкі, што ў Польшчы, да Гародні.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя