Беларусы маюць значныя цяжкасці з атрыманнем гуманітарных візаў на тэрыторыі Польшчы
Ёсць значныя цяжкасці з атрыманнем грамадзянамі Беларусі на тэрыторыі Польшчы нацыянальных візаў, у тым ліку на гуманітарных падставах, паведаміла журналістам дырэктарка дэпартамента прававой дапамогі Цэнтра беларускай салідарнасці Вольга Дабравольская. Юрыстка адзначыла, што прыём заяў на атрыманне гуманітарных візаў непасрэдна на тэрыторыі краіны пачаўся 22 верасня ў візавых цэнтрах у Варшаве, Познані і Любліне.
Паводле Дабравольскай, з першых дзён беларускія грамадзяне масава атрымліваюць адмову ў прыёме дакументаў, хаця візавы цэнтр аказвае толькі пасярэдніцкія паслугі, а рашэнне аб выдачы візы павінна прымацца на ўзроўні Міністэрства замежных спраў.
Сярод прычын адмоў называецца недастатковая, на думку супрацоўнікаў цэнтра, колькасць пустых старонак у пашпарце, а таксама няправільная трактоўка палажэнняў, якія аўтаматычна падаўжаюць нацыянальныя дакументы, у тым ліку візы, у рамках антыкрызіснага заканадаўства ў перыяд пандэміі каронавірусу і вызначанага цяпер у Польшчы рэжыму «пагрозы эпідэміі».
Беларускае Радыё Рацыя