Беларусы на беластоцкім тэатральным фестывалі «ОДЕ»



З Беларусі на яго адмыслова прыедуць «Тэатр Горада Сяброў» і «Лабараторыя Art-Faktar». 22 верасня на Падляшшы пачынаецца тэатральны фестываль «ОДЕ».

Яго галоўная задача – прызентаваць тэатральную творчасць, якая ствараецца на мясцовай беларускай гаворцы для дарослых і для дзяцей. Але заўсёды прыязджаюць і тэатральныя калектывы з Беларусі. Пра іх расказвае каардынатар і арганізатар фестывалю Яаана Троц:

– Гэта не дзяржаўныя тэатры, в проста тэатральныя групы прафесійных акцёраў, якія пакажуць нам два спектаклі. Адна группа — гэта «Тэатр Горада Сяброў». Цудоўныя людзі – Ганна і Павел Харланчукі. А таксама прыедзе вельмі вядомы рэжысёр Андрэй Саўчанка са спектаклем «Я – не Я». Гэта вынік тэатральнай лабараторыі, якую ён вядзе.

«Тэатр Горада Сяброў» выступіць 25 і 26 верасня ў Беластоку і Бельску-Падляшскім, а «Лабараторыя Art-Faktar» пакажа свой спектакль «Я – не Я» 27 верасня ў Беластоку. Пачынаецца фестываль 22 верасня са спектакля «Шчаслівы муж», які беларуская тэатральная група з Бельска-Падляшскага пакажа ў Орлі, у гэты ж дзень у Бельску-Падляшскім прызентуюць фільм «Дыра ў галаве» Пятра Суботкі. Працягнецца «ОДЕ» да 28 верасня. Гэта партнёрскае мерапрыемства фестывалю «Напрамак Усход», які ў Беластоку пачынаецца 29 верасня.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя