Беларусы на рынках Чарнігава
Рэчавыя рынкі і гуртавыя базы Чарнігава – ці не самыя папулярныя турыстычныя аб’екты для беларусаў, якія прыяжджаюць у горад пераважна з суседняй Гомельшчыны.
Як успрымаюць гасцей мясцовыя бізнэсоўцы? Ці заўсёды беларусы вядуць сябе беззаганна? Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война распытаў чарнігаўцаў на Цэнтральным рынку Чарнігава.
РР: Чаму, на ваш погляд, на чарнігаўскіх рынках так багата беларусаў? Якое яны пакідаюць уражанне?
Аксана Васільеўна, уласніца галантэрэйнага буціка: Па закупы прыязджаюць, пэўна, з тае прычыны, што ў нас тавары таннейшыя. Але ў беларусаў зарплаты вышэйшыя за ўкраінскія. Купляюць у нас і прадукты, і прамтавары. Людзі прыязджаюць не толькі з Гомельшчыны, але і з Менскай вобласці. Беларусы, я мяркую, любяць украінцаў, паважаюць нас і зычаць нам лепшага жыцця.
РР: Беларусы сапраўды лічаць чарнігаўскія кошты таннымі?
Андрэй, гандляр абуткам: Адным дорага, адным танна – не разбярэш. Пэўна, усё залежыць ад таго, з якога рэгіёну прыехалі. А так, калі б не беларусы, нам было б горш. Нічога паганага пра нас ад іх не чуў. Дабразычлівыя людзі.
РР: Ці здараюцца канфлікты з беларусамі ў Чарнігаве?
Аляксандр Ясенчук, каардынатар чарнігаўскай “Самаабароны Майдана”: З аднаго боку, беларусы – дарагія госці. Датаго ж, яны прыносяць Чарнігаву прыбытак. З іншага – некаторыя з іх прыязджаюць з “георгіеўскімі стужкамі”. Гэта тыя стужкі, якія носяць людзі, з якімі Украіна ваюе. У Чарнігаўскай вобласці ўжо загінула 150 чалавек. Сярод іх ёсць сваякі і сябры тых, хто гандлюе на рынках. І ў іх, натуральна, адразу адмоўная рэакцыя на тых людзей, якія носяць такую ж сімволіку, як і людзі, з каторымі ваюе ўкраінскае войска.
Паводле статыстыкі, беларусы склалі амаль 90% ад агульнай колькасці іншаземцаў, якія пабывалі ў Чарнігаў цягам мінулага года. Напачатку года нашыя землякі, зляканыя інфармацыяй расейскіх тэлеканалаў “пра зверствы бандэраўцаў”, практычна не прыязджалі ў Чарнігаў. Цяпер гасцей з поўначы значна пабольшала: людзі больш даюць веры ўласным вачам, чым тэлевізійнай прапагандзе.
[Not a valid template]
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя