Беларусы паспрабавалі абрабаваць украінскую краму
У вёсцы Лапатні Рэпкінскага раёна Чарнігаўскага раёна, акурат непадалёк украінска-беларускай дзяржаўнай мяжы, двое грамадзянаў Беларусі паспрабавалі абрабаваць мясцовую краму.
З падрабязнасцямі – наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
– Злодзеяў, якія рабавалі вясковую краму ўночы, заўважыў мясцовы жыхар, супрацоўнік памежнай службы. Дзіўна, але злачынцы не адрэагавалі ні на сігналізацыю, якая спрацавала ў краме, ні на з’яўленне двух мясцовых мужчынаў. Украінскі памежнік і актывіст вясковага грамадскага фармавання скруцілі рабаўнікоў і патэлефанавалі ў міліцыю, якая знаходзіцца за 11 кіламетраў ад вёскі.
Высветлілася, што краму рабавалі двое грамадзян Беларусі, 1979 і 1996 года нараджэння. Ва Украіну яны патрапілі, пераплыўшы ўночы Дняпро за 2 кіламетры ад вёскі.
Пра спробу такога незвычайнага рабавання паведаміла прэсавая служба памежнага атрада “Задзерыеўка”, што на Сівершчыне. Беларусы-рабаўнікі дастаўленыя ў міліцыю горада Рэпкі.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
Фота yugopolis.ru