Беларусы працягваюць працаваць у валанцёрскіх лагерах на мяжы з Украінай



Валанцёрскія лагеры на мяжы з Украінай працягаюць сваю працу. І хоць колькасць бежанцаў на іх паступова скарачаецца, добраахвотнікі па-ранейшаму падтрымліваюць уцекачоў. Сярод такіх актывістаў – нямала беларусаў.

Адна з іх – Алёна – працавала ў лагеры бежанцаў на пункце пропуску Медыка-Шэгіні. Яе задачай было каардынаваць уцекачоў, кіроўцаў і гаспадароў жытла, дзе першыя маглі б спыніцца.

“Асабліва мяне ўразіла гісторыя маладой іранскай дзяўчыны, бежанкі з Украіны, з якой мы кантактавалі на англійскай мове. Ёй трэба было дабрацца да амбасады Ірана ў Варшаве, але яна ехала адна і вельмі перажывала”, – расказвае Алёна.

– Я ёй патлумачыла, што ёсць аўтобус, які можа давезці да чыгуначнага вакзалу, і адтуль яна можа спытаць у людзей, ці паглядзець у гугле, як дабрацца, але ёй усё роўна было трывожна, таму што яна адна, не была ўпэўнена, што людзі яе зразумеюць, што людзі яе не падмануць. Літаральна ў апошнюю хвіліну мы знайшлі грошы сярод валанцёраў, каб ёй хапіла на таксі. Мы сказалі, вось ты едзеш да чыгуначнага вакзалу, там выклікаеш таксі. Яна са слязамі ў вачах дзякавала ўсіх, абдымала.

Сёння Алёна працягвае дапамагаць валанцёрскаму лагеру. Але прызнаецца, што цяпер на мяжы чэргі ўжо не такія вялікія, а значыцца і працы становіцца менш.

Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя