Беларусы ў Беластоку на Днях сучаснай культуры
У Беластоку паказалі спектакль “З жыцця насякомых” беларускай трупы “Незалежны тэатр і танцавальны праект”. У галоўнай ролі – вакалістка і актрыса Святлана Бень. Гэта музычны монаспектакль, дзе сабраныя 14 вершаў Мікалая Алейнікава – паэта пачатку 20 стагоддзя. Яго прэм’ера адбылася ў Менску, пазней выступы былі ў Кіеве і цяпер – у Беластоку.
Акторка Святлана Бень ацаніла беластоцкую публіку:
– Такая вельмі інтэлігентная і вельмі стрыманая рэакцыя. Але калі такая рэакцыя ў Менску, то можна зразумець, што людзям можа не зусім спадабалася. А тут за вельмі інтэлігентнай, карэктнай рэакцыяй адчувалася цеплыня і ўнутранае напружанне і вельмі цеплы прыём.
Пасля спектакля таксама прайшоў канцэрт мікра-кабарэ. Фестываль Дні сучаснага мастацтва і яго падзеі працягнуцца да нядзелі, 28 траўня.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток