Беларусы Уроцлава ўшанавалі памяць ахвяр Чарнобыльскай катастрофы
У 35-ю гадавіну аварыі на Чарнобыльскай электрастанцыі беларусы Уроцлава ўшанавалі памяць ахвяр гэтай жудаснай трагедыі. Падчас акцыі былі прачытаны ўрыўкі ўспамінаў сведкаў, у тым ліку ўрыўкі маналогаў з кнігі Святланы Алексеевіч “Чарнобыльская малітва”.
На плакатах удзельнікаў акцыі знайшлося месца не толькі для ЧАЭС, але і для Астравецкай АЭС, якая ад самага пачатку будаўніцтва сутыкнулася з пратэстам грамадзянскай супольнасці Беларусі і з шматлікімі парушэннямі пры выкананні праекту.
Праз будаўніцтва Астравецкай АЭС закладнікамі „мірнага атама” сталіся не толькі жыхары Беларусі, але і нашага непасрэднага суседа – Літвы, сталіца якой знаходзіцца ў 60 кіламетрах ад рэактара.
Удзельнікі выказаліся пра акцыю: “Мы лічым што рэалізацыя такіх праектаў, як Астравецкая АЭС, не павінна адбывацца без шырокага абмеркавання і згоды ў грамадстве Беларусі, што немагчыма ў варунках дыктатуры ў краіне. Таму мы патрабуем спынення працы Астравецкай АЭС і развіцця ў Беларусі бяспечнай і экалагічна нейтральнай энергетыкі”.
Канстанцін Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя