Беларусы ўзгадалі герояў бітвы пад Млавай
29 жніўня прадстаўнікі суполкі беларусаў Варшавы ўшанавалі памяць беларускіх жаўнераў Войска Польскага, якія ў складзе 20-й пяхотнай дывізіі змагаліся з 1 па 3 верасня 1939 года на польска-нямецкай мяжы пад Млавай.
Па словах аднаго з арганізатараў ушанавання Яўгена Дудкіна, гэтая бітва важная ў кантэксце барацьбы з нацызмам.
– Жаўнеры 20-й пяхотнай дывізіі былі набраныя з Наваградчаны. У першыя дні верасня стрымлівалі нямецкія войскі. І сапраўды яны праявілі свой гераізм, бо немцы, а вось гэта важны момант, чаму?, таму што Другая сусветная вайна для беларусаў пачалася не ў 1941 годзе, бо ўжо ў 1939 годзе нашыя беларусы гінулі. Мы хацелі паказаць, што ўжо тады беларусы ў Войску Польскім змагаліся з нацызмам, пра што замоўчвае сённяшняя ідэалагічная машына ў Беларусі.
Гісторык Ігар Мельнікаў лічыць бітву пад Млавай важнай ў кантэксце беларускай гісторыі і ён яшчэ ў Беларусі пачаў пісаць кнігу пра беларусаў у Войску Польскім.
– Пра тых, хто яшчэ ў верасні 1939 года пачаў змагацца з немцамі, і ключавым месцам у гэтым кантэксце з’яўляецца, канечне, бітва пад Млавай. Тым больш што там удзельнічала 20-ая пяхотная дывізія Войска Польскага, якую палякі неафіцыйна называлі беларускай, бо яна фарміравалася па тэрытарыяльным прынцыпе, яна складалася менавіта з ураджэнцаў Заходняй Беларусі. А немцы называлі гэтую дывізію «жалезнай», бо яна мужна змагалася.
Беларусы Варшавы і надалей збіраюцца наведваць месцы, звязаныя з беларускай і сумеснай беларуска-польскай гісторыяй.
Беларускае Радыё Рацыя