Беларусы Варшавы правялі чарговую нядзельную акцыю
Беларусы Варшавы правялі чарговую нядзельную акцыю ў падтрымку палітвязняў. Для іх у калоніях стварылі адмысловыя ўмовы.

Нягледзячы на халоднае надвор’е, людзей на акцыю прыйшло даволі шмат. Тут можна было напісаць вестачку палітзняволеным, пра што ўвесь час напаміналі арганізатары акцыі:
– Лісты падтрымкі і лісты салідарнасці вельмі важныя. Ім там увесь час кажуць, што яны нікому не патрэбныя. Што іх усе забылі.
Маці палітзняволенай Антаніны Канавалавай рассказала пра жахлівыя ўмовы для палітычных у калоніі №4 горада Гомеля:
– Ходзяць з жоўтымі налепкамі, як прыхільныя да экстрэмізму. Ідэолагі працуюць з імі кожныя двое сутак. Нашыя дзяўчыны з жоўтымі біркамі не могуць перамяшчацца па тэрыторыі калоніі. Царкву яны не маюць права наведваць. Ім нельга ні чым дзяліцца. Ім нельга, каб дзве жоўтыя біркі былі побач. У бібліятэцы не даюць палітычным кнігі, якія яны просяць.
Паводле Канавалавай, вызвалены нядаўна мужчына-палітвязень худы настолькі, што губы не закрываюць зубы. Ён гаварыў, што палітычных мужчын праз два тыдні ў камеры змяшчаюць на два тыдні ў карцар.
На акцыі прысутнічалі і выступілі беларусы з іншых еўрапейскіх краін – Германіі, Гішпаніі, а таксама з Украіны. Гэта беларусы, якія з дзяцінства жывуць у Еўропе ці нават ужо ў Еўропе нарадзіліся.













Аліна Андрыевіч, Беларускае Радыё Рацыя
