Беларусы Варшавы ўшанавалі памяць Веры-нязломнай



Памяць выбітнай беларускі Веры Маслоўскай (псеўданім Мурашка) ушанавалі беларусы з Варшавы. Яны наведалі праваслаўныя могілкі побач з Супраскім манастыром на Падляшшы.

Пра асобу “нязломнай Веры”, актыўную ўдзельніцу паўстанцкага руху 1920-х гадоў, узгадвае старшыня ініцыятывы “Беларуская Нацыянальная Памяць” Анатоль Міхнавец:

Вера Маслоўская была ў шэрагах беларускіх арганізацый, яе пераследавалі польскія ўлады. Яе называлі Вера-нязломная, таму што праз усе суды, усе рэпрэсіі, яна не скаралася, казала пра волю і долю беларускага народу. Мы цяпер узгадваем пра Беларускую Народную Рэспубліку, а Вера Маслоўская стаяла і змагалася за прынцыпы БНР, за права беларусаў быць гаспадарамі на сваёй зямлі.

Група беларусаў наведала магілу Веры-нязломнай па дарозе ў Кузніцу, на святкавання Дня Волі ў месцы нараджэння Язэпа Варонкі.

На магіле запалілі бел-чырвона-белыя знічы. Анатоль Міхнавец выказвае спадзяванне, што пра Веру Маслоўскую ды яе змаганне паўстануць фільмы і кніжкі, бо “гэта чалавек з вельмі цікавым лёсам, і гэта надзвычай цікавая гісторыя”.

default

Яна Запольская. Беларускае Радыё Рацыя